РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)